ЗМЕСТ
Уступ
І. Стылістычныя асаблівасці публіцыстычнага тэксту
ІІ. Стылістычны аналіз публіцыстыкі на старонках газеты “Народная трыбуна”
1. Выкарыстанне стылістычных рэсурсаў лексікі ў штотыднёвіку “Народная трыбуна”
2. Культура мовы на старонках “Народнай трыбуны”
Заключэнне
Літаратура
УСТУП
Мэтай дадзенага даследавання з’яўляецца аналіз стылістыкі публіцыстычнага тэксту і тых прыёмаў, форм экспрэсіўнай мовы, якія аб’ектыўна існуюць у любым публіцыстычным тэксце.
Асноўная задача заключаецца ў неабходнасці паказаць, што падбіраючы і ўжываючы слова ў сказе, ствараючы тэкст, трэба ўлічваць шэраг фактараў: семантыку слова і ўсяго выказвання, лексічную спалучальнасць, форму слова ў яго адносінах да іншых слоў сказа, гукавы бок мовы.
Практычная значнасць праблемы палягае ў неабходнасці ачышчэння беларускай літаратурнай мовы ад беспадстаўных пазычанняў і калькаванняў, ад штучных структураў, неўласцівых беларускай мове, моўных штампаў і канцылярызмаў.
Актуальнасць вывучэння стылістыкі публіцыстычнага тэксту, стылістычна афарбаванага слова, культуры мовы тлумачыцца цэлым шэрагам прычын і па-першае тым, што за апошнія 15 год адбыліся істотныя змены ў функцыянаванні беларускай мовы, асабліва ў сферы масавай камунікацыі, перадвызначаныя глабальнымі зменамі ў палітычным і эканамічным жыцці грамадства.
Даследаванне праведзена на матэрыяле брэсцкай абласной грамадска-палітычнай газеты “Народная трыбуна” (№№ 1 (662) – 13 (634), студзень-сакавік 2003 года).
“Народная трыбуна” – брэсцкая абласная грамадска-палітычная газета. Заснавальнікамі з’яўляюцца Абласны савет дэпутатаў, Абласны выканаўчы камітэт. Галоўны рэдактар – Р. П. Пратасевіч. Аб’ём – 2 умоўныя друкаваныя аркушы (4 старонкі). Газета выдаецца са снежня 1990 года па суботах. Са студзеня 1993 года – “Народная трыбуна” выходзіць на беларускай мове, але даклады А. Лукашэнкі і В. Даўгалёва друкуюцца па-руску.
Сярод матэрыялаў “Народнай трыбуны” пераважаюць тэксты публіцыстычнага стылю (рубрыкі “Ёсць праблема!”, “Пульс дня”, “Выбары 2003”, “Чытач-газета-чытач”, “Тэлеграфным радком: навіны, падзеі, факты”, “Рэзананс”, “Гумарэска” і інш.). У “Народнай трыбуне” можна сустрэць тэксты наступных жанраў: інфармацыйныя (заметка, рэпартаж, справаздача, інтэрв’ю, хроніка, агляд); аналітычныя (артыкул, карэспандэнцыя, каментарый, рэцэнзія, агляд); мастацка-публіцыстычныя (нарыс, эсэ, фельетон, памфлет). Але разам з тым у газеце рэгулярна з’яўляюцца тэксты іншых стыляў: літаратурна-мастацкага (рубрыкі “Натхненне”, “Па баразне радка”, “Святы. Традыцыі. Час”, “Дэбют”), афіцыйна-справавога (паведамленні, распараджэнні, пастановы аблвыканкама, гарвыканкама, саветаў дэпутатаў і інш.).
У дадзенай працы мы спыніліся найперш на тэкстах публіцыстычнага стылю і прааналізуем тыя адметныя рысы, што вызначаюць публіцыстыку газеты “Народная трыбуна”. Акрамя таго ў працы даецца характарыстыка мовы газет, разгледжаны патрабаванні да сэнсавай, структурнай і стылістычнай арганізацыі публіцыстычнага тэксту.
І. СТЫЛІСТЫЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ ПУБЛІЦЫСТЫЧНАГА ТЭКСТУ
Кожная нацыянальная мова валодае пэўным адзінствам і цэласнасцю. Аднак у рэальнай маўленчай дзейнасці людзей складаюцца істотна адрозныя тыпы ці, дакладней, стылі мовы. Дыферэнцыяцыя грамадства знаходзіць сваё адлюстраванне і ў агульнанароднай мове, выяўляецца ў яе варыянтах – тэрытарыяльных, сацыяльных, прафесійных, а ў літаратурнай мове – у яе функцыянальна-стылістычных адгалінаваннях.
Функцыянальныя стылі – функцыянальныя разнавіднасці літаратурнай мовы, якія вылучаюцца ў адпаведнасці з функцыямі мовы, са сферамі зносін і канкрэтнай формай грамадскай свядомасці чалавека (навука, права, мастацтва). У сучаснай беларускай літаратурнай мове вылучаюцца такія функцыянальныя стылі, як афіцыйна-справавы, гутарковы, публіцыстычны, мастацкі стыль і навуковы.
Большасць сучасных даследчыкаў прызнаюць наступныя суадносіны форм і стыляў маўлення: вуснай форме маўлення адпавядае гутарковы функцыянальны стыль маўлення, пісьмовай форме маўлення – кніжныя функцыянальныя стылі – афіцыйна-справавы, навуковы, публіцыстычнны і літаратурна-мастацкі.
Калі мы гаворым пра публіцыстычны стыль, то маем на ўвазе яго жанры – нарыс і фельетон, карэспандэнцыя і артыкул, інтэрв’ю, заметка, рэпартаж і г. д.
Публіцыстычны стыль – стыль грамадска-палітычнай літаратуры, перыядычнага друку, палітычных выступленняў, радыё, тэлебачання. Рэалізуе функцыю ўздзеяння і інфармацыйнасці. Шырока выкарыстоўваецца грамадска-палітычная лексіка і фразеалогія, эмацыянальна-ацэначныя сродкі мовы, стылістычны сінтаксіс (сказы з рытарычным пытаннем, паўторы, інверсійныя канструкцыі), якія арганічна спалучаюцца з навуковасцю і лагічнасцю выкладу, са стандартызацыяй маўлення і разам з тым выкарыстаннем рэсурсаў гутарковага маўлення. Публіцыстычны стыль мае свае разнавіднасці: газетна-інфармацыйны, публіцыстычна-прамоўніцкі.
Публіцыстычная сфера ўжывання мовы мае шэраг канкрэтных асаблівасцей, якія адрозніваюць яе ад іншых сфер грамадскай дзейнасці. Квінтэсэнцыю гэтага паняцця можна атрымаць з тлумачэння слоўнікам лексемы публічны: “<лац. Publicus> агульны, народны, грамадскі – той, што здзяйсняецца ў прысутнасці публікі, адкрыты, галосны, не прыватны [Современный словарь иностранных слов, 1992, с. 502]. У сваю чаргу слова публіцыстыка дадзены слоўнік таксама адносіць да лац. Publicus і тлумачыць яго як “від літаратуры, прысвечанай актуальным грамадска-палітычным пытанням бягучага жыцця грамадства” [Современный словарь иностранных слов, 1992, с. 502], г. зн. Цікавы для шырокага кола прадстаўнікоў гэтага грамадства – чытачоў, калі казаць пра газетную публіцыстыку. Генетычная блізкасць гэтых двух паняццяў вызначае той факт, што публіцыст (прамоўца) заўжды адказвае за наступствы сваёй прамовы, таму што тое, пра што ён вядзе гаворку мае дачыненне не да ўяўных абставінаў, а да рэальнасці, і ён сам – дзеючая асоба сярод іншых у яго аўдыторыі. Пазіцыя аўтара-публіцыста ў газеце ці часопісе выражана, як правіла, яўна, факт рэальнага жыцця заўсёды знаходзіцца ў цэнтры ўвагі ці ў эпіцэнтры сістэмы аргументаў, вобразаў ці разважанняў, а ўмоўнасць і вобразнасць не з’яўляюцца галоўнымі прыкметамі цэлага.
Творы публіцыстычнага жанру вызначаюцца актыўнасцю аўтарскай пазіцыі, аўтарскага стаўлення да рэчаіснасці. Гэта не аб’ектыўнае апавяданне пра тыя ці іншыя падзеі, а суб’ектыўнае, часам асабіста перажытае і таму эмацыянальна насычанае. Аўтар прама і непасрэдна звяртаецца да чытача са сваімі думкамі, пачуццямі, ацэнкамі, і гэта адкрытая форма аўтарскага “Я” вызначае ўсе характэрныя асаблівасці вобразу аўтара ў творах гэтага жанру – іх кампазіцыю, агульную стылістычную танальнасць, своеасаблівасць адбору лексіка-граматычных і вобразна-выяўленчых моўных сродкаў.
Вобраз аўтара ў творах публіцыстыкі вельмі характэрны.
У журналістыцы Злучаных Штатаў Амерыкі прынята бесстаронняя, аб’ектыўная, неперсаналізаваная і збалансаваная падача матэрыялу. Лічыцца, што меркаванне самога журналіста ў артыкуле адчувацца не павінна. Еўрапейская журналістыка дапускае, каб голас аўтара быў чутны болей. Еўрапейскі журналіст у сваім артыкуле нярэдка можа выказаць і сваё разуменне праблемы, і падаць яго ў пажаданым яму кантэксце, і нават прыправіць яго гумарам.
Тэкст (лац. Textum ‘тканіна, сувязь, злучэнне’) – напісанае ці выказанае вусна паведамленне, якое характарызуецца структурнай і сэнсавай завершанасцю. Найважнейшымі прыметамі тэксту з’яўляюцца:
1) сэнсавая цэласнасць (асноўная думка тэксту, яго закончанасць, аўтаномнасць, наяўнасць пачатку і канца, магчымасць падабраць загаловак);
2) падзельнасць (здольнасць падзяляцца на сказы, абзацы, параграфы, раздзелы (па семантыка-сінтаксічным прынцыпе), а таксама на тэмы, падтэмы, мікратэмы (па тэматычным прынцыпе);
3) звязанасць (паслядоўнасць і лагічнасць выказвання, камунікатыўная пераемнасць, калі кожны наступны сказ будуецца з улікам папярэдняга ці ўсе сказы аб’ядноўваюцца агульнай тэмай і паралельнай сувяззю);
4) стылістычнае адзінства.
У стылістыцы тэксту асаблівае месца займае праблема звышфразавых адзінстваў – абзаца, складанага сінтэтычнага цэлага (празаічнай страфы) і фрагмента.
У публіцыстычных творах кампазіцыйнае значэнне абзацаў адчуваецца асабліва выразна. Тая ці іншая будова абзаца тут – гэта праява індывідуальнай аўтарскай манеры, а сінтаксічная структура ўнутры абзацаў раскрывае працэс фарміравання творчай думкі пісьменніка.
У межах функцыянальных стыляў выяўляюцца істотныя асаблівасці адбору і арганізацыі моўных сродкаў, у тым ліку і лексічных. Прыёмы і формы моўнага выражэння, спосабы адбору і спалучэння лексічных адзінак прадвызначаюцца перш за ўсё камунікатыўнай мэтазгоднасцю, якая патрабуе таго, каб з сістэмы выяўленчых сродкаў мовы адбіраліся толькі такія адзінкі, якія найлепшым чынам могуць задаволіць моўныя зносіны людзей у той ці іншай сферы – сацыяльна-эканамічнай, грамадска-палітычнай, навуковай і культурнай – дзейнасці. Значыць, моўныя адзінкі, што нязменна выкарыстоўваюцца ў адпаведным функцыяынальным стылі мовы, набываць своеасаблівую стылістычную афарбоўку.
Стылістычнай афарбоўкай лічыцца такая ўласцівасць слова, якая абумоўлена тыповай для яго сферай функцыянавання, пэўным чынам характэрызуе адпаведную фунцыянальную разнавіднасць мовы, а праз яе – сферу і ўдзельнікаў моўных зносін.
Асноўнай прыметай слоў публіцыстычнай лексікі з’яўляецца высокая частотнасць іх выкарыстання на старонках газет і часопісаў, дзе яны набываюць адметную функцыяналь-стылістычную афарбоўку.
У гэтым стылі шырока выкарыстоўваюцца грамадска-публіцыстычная лексіка і фразеалогія, рознага роду крылатыя выслоўі, прыказкі і прымаўкі, сінтаксічныя канструкцыі з ярка выражанай экспрэсіяй – рытарычныя пытанні, сказы-заклікі, звароты. У мове публіцыстыкі могуць быць скарыстаны словы са зніжанай стылістычнай афарбоўкай, жарганізмы, дыялектызмы, словы са сферы палітычнага жыцця, эканомікі, навукі. Па гэтай прычыне ў публіцыстычным стылі могуць быць шырока скарыстаны моўна-выяўленчыя сродкі іншых стыляў – навуковага, мастацкага, афіцыйна-дзелавога.
Публіцыстычны тэкст – гэта тэкст калямастацкі, часам – выключна мастацкі, але надзвычай рэдка – пазамастацкі. Вывучаць яго трэба з улікам розных сфер жыцця, але стрыжнем павінна заставацца філалогія ў яе філасофскіх маштабах. Публіцыстычны тэкст вывучаецца на падставе прынцыпаў навуковай рацыянальнасці (верыфікавальнасць, карэляцыя сістэм і ўнутрысістэмных элементаў і адносінаў, сувязь лагічна-паняційнага і вобразна-сугестыўнага пачаткаў і г. д.). Тэкст нельга аналізаваць незалежна ад ягонай эстэтычнай прыроды, а гэта больш чым гаворка пра паэтыку жанра ці стылістычныя асаблівасці. Як і літаратурна-мастацкі твор, публіцыстычны тэкст грунтуецца на слоўна-экспрэсіўным спосабе перадачы інфармацыі, а гэта робіць публіцыстычны дыскурс адмысловай лінгвістычнай і эстэтычнай з’явай.
Вывучэнне публіцыстычнага тэксту мае на ўвазе сёння пашырэнне традыцыйных межаў жанравай класіфікацыі. Сінтэз і дыфузія жанраў ў ХХ ст. прывялі да з’яўлення новых формаў, новых гібрыдаў і “метажанраў”. Традыцыйны гісторыка-культурны падыход да тэорыі жанравых груп ў публіцыстыцы карысна дапоўніць дэканструктывісцкай практыкай аналізу, які базуецца на глыбокім вывучэнні сувязяў публіцыстыкі з законамі духоўна-культурнай эвалюцыі.
Часта ў публіцыстыцы выкарыстоўваюцца апісанні. Яны адрозніваюцца ад апісанняў у мастацкай літаратуры тым, што маюць ярка выражаны сацыяльна-ацэначны характар. Функцыя апісання ў публіцыстыцы – дакументальна дакладная перадача абстаноўкі такой, як убачыў яе аўтар. У публіцыстычных творах апісанне даецца не аб’ектывавана, а цераз прамое ўспрыманне аўтарам, які прама і адкрыта выражае сваё “я” апавядальніка.
Разважанне, як функцыянальна-сэнсавы тып маўлення прызначана для тлумачэння пэўнага паняцця або з’явы, для доказу або абвяржэння пэўнай думкі. Разважанне найбольш распаўсюджана ў навуковых тэкстах, а таксама ў публіцыстыцы.
У большасці навуковых і публіцыстычных твораў часцей за ўсё сустракаюцца разважанні змешанага тыпу, у якіх аналіз перакрыжоўваецца з сінтэзам.
Шырока выкарыстоўваецца ў публіцыстыцы трэці тып маўлення. Гэта, бадай, самы распаўсюджаны тып маўлення. Усюды, дзе ўзнікаюць задачы апісання, апавядання, разважання, наогул перадачы якой-небудзь інфармацыі, выкарыстоўваецца маўленне ад 3-яй асобы. У публіцыстыцы трэці тып маўлення мае свае асаблівасці. Тут спалучаюцца разнастайныя тыпы маўлення. З аднаго боку ўжываецца аб’ектыўна-справавое маўленне з дакладнымі фактамі і лічбамі, з другога – сродкі эмацыянальна-экспрэсіўнага маўлення з ацэнкамі і характарыстыкамі, якія маюць адкрыты характар, г. зн. належны канкрэтнай асобе – аўтару.
Асноўныя рысы, асаблівасці публіцыстычнага стылю: дакументалізм, факталагічная дакладнасць, даступнасць, афіцыйнасць, адкрытасць аўтарскай пазіцыі, выкарыстанне агітацыйна- прапагандысцкіх сродкаў, уласна-ацэначнай лексікі і фразеалогіі, эпітэтаў, метафар, паўтораў, рытарычных зваротаў.
У іх суадносяцца і ўзаемадзейнічаюць розныя стылявыя пласты лексікі – кніжны і размоўны, “высокі і нізкі”, нейтральны і эмацыянальна-экспрэсіўны, прафесіянальна-навуковы і бытавы.
Багацце і разнастайнасць моўных сродкаў у публіцыстыцы тлумачыцца не толькі яе жанравай шматграннасцю, але і большай, чым у іншых жанрах літаратуры і журналістыкі, тэматыка-праблемнай і сюжэтна-кампазіцыйнай свабодай аўтарскага мыслення нават у межах аднаго твора.
Словы і іншыя моўныя адзінкі ў публіцыстычным тэксце выконваюць важную архітэктанічную, кампазіцыйную функцыю. У сувязі з гэтым вылучаюць паняцце аб публіцыстычным кантэксце, якое трэба разумець значна шырэй, чым звычайныя спалучэнні слоў у словазлучэнні, сказе або ў празаічнай страфе. С. Ш. Чагдураў у кнізе “Аб выразнасці слова ў мастацкай прозе” вылучае наступныя тыпы кантэкстаў у творы: мінімальны кантэкст (словазлучэнне), разгорнуты кантэкст (сказ і празаічная страфа), максімальны кантэкст (ідэйна-сэнсавая перспектыва твора ў цэлым) і звышкантэкст (кантэкст эпохі). Усе гэтыя тыпы кантэкстаў узаемадзейнічаюць, складаючы разгорнутую сістэму сэнсавых і вобразных сувязей, якая ўтварае цэлы публіцыстычны твор.
Пры аналізе тэкстаў публіцыстыкі важна ўлічваць разгорнуты і максімальны кантэкст, якія даюць магчымасць бачыць узаемасувязь і ўзаемадзеянне паміж моўнымі адзінкамі ў сістэме ўсяго мастацкага цэлага і ясна бачыць перспектыву развіцця вобразнага мыслення аўтара.
Тут маюцца на ўвазе вядучыя, апорныя ў сэнсавых адносінах словы і іншыя больш буйныя моўныя адзінкі, якія часта называюць ключавымі. Яны могуць пераклікацца ў межах не тоькі асобных кавалкаў тэксту, але і ў межах усяго твора, не толькі падпарадкоўвацца мастацкаму кантэксту, але і ствараць яго.
Гэта асабліва датычыцца ключавых слоў, якія часта выносяцца ў назвы твораў. Яны ствараюць унутранае адзінства, становяцца істотным элементам кампазіцыйнай пабудовы.
У публіцыстычнай літаратуры дыялог здаўна сфарміраваўся як своеасаблівая жанравая форма маўлення. Дыялог як асаблівы мастацка-публіцыстычны жанр актыўна развіваецца і ў сучаснай публіцыстыцы. Прадметам размовы дыялогу становіцца шырокае кола праблем. У жанравых дыялагічных формах выяўляюцца індывідуальныя характаралагічныя рысы ўдзельнікаў дыялогу, кожны з якіх укладае ў дыялог сваю маўленчую манеру. Пашыраюцца і ўзбагачаюцца новыя жанравыя формы дыялогу, такіх як інтэрв’ю, крытычныя дыялогі, палеміка двух апанентаў, “гутаркі за круглым сталом” і інш. Гутарка, размова, у якой бярэ ўдзел больш за дзве асобы, называецца полілог. Сюды ўваходзіць і сямейная гутарка, і групавое абмеркаванне якой-небудзь тэмы (палітычная падзея, спектакль, літаратурны твор, спорт і г. д.).
Мера ўдзелу аўтарскага Я ў маўленчай структуры рэпартажу не толькі з’яўляецца асноўнай стылеўтвараючай прыметай жанру, але і дазваляе ў той жа час вылучыць шэраг яго разнавіднасцей – ад кароткага інфармацыйнага рэпартажу, дзе факты ў асноўным толькі паведамляюцца, да рэпартажу аналітычнага, напоўненага аўтарскім роздумам, аўтарскай экспрэсіяй, публіцыстычнымі каментарыямі, вобразнымі сродкамі і г. д. Кожная з гэтых разнавіднасцей рэпартажу, падпарадкоўваецца пэўнай сістэме вобраза аўтара, абумоўлівае характар выбару лексіка-граматычных сродкаў: нейтральная, агульнаўжывальная лексіка, фразеалогія, граматычныя сродкі – у рэпартажах інфармацыйнага тыпу; актыўнае выкарыстанне эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі і фразеалогіі, гутарковых сродкаў сінтаксісу – у рэпартажах аналітычнага, публіцыстычнага характару. Тое ж самае можна сказаць пра розныя жанравыя формы артыкула – перадавога, праблемнага і інш.
Своеасаблівасць публіцыстычнага (газетна-публіцыстычнага, публіцыстычна-прамоўніцкага) стылю вызначаецца ў першую чаргу спецыфікай публіцыстычнай формы адлюстравання рэчаіснасці, якая спалучае сістэму разгорнутых доказаў, што дзейнічаюць на розум чытачоў і слухачоў строгай лагічнасцю думкі і на іх пачуцці – эмацыянальнасцю выкладу. У публіцыстычным стылі спалучаюцца, такім чынам, дзве найважнейшыя функцыі мовы – інфармацыйная і функцыя ўздзеяння. Публіцыстыка атрымала назву “летапісу сучаснасці”, таму што яна асвятляе самыя важныя праблемы грамадства – палітычныя, сацыяльныя, побытавыя, філасофскія, эканамічныя, маральна-этычныя, пытанні выхавання, культуры, мастацтва і г. д. Тэматычныя дыяпазон публіцыстыкі вельмі шырокі, ён вызначаецца таксама багаццем жанравых форм адлюстравання рэчаіснасці. Вылучаюцца тры катэгорыі публіцыстычных жанраў:
1) інфармацыйныя (заметка, рэпартаж, справаздача, інтэрв’ю, хроніка, агляд);
2) аналітычныя (артыкул, карэспандэнцыя, каментарый, рэцэнзія, агляд);
3) мастацка-публіцыстычныя (нарыс, эсэ, фельетон, памфлет).
Галоўныя асаблівасці публіцыстычнага стылю найбольш ярка праяўляюцца ў мове газеты – аднаго з найважнейшых сродкаў масавай інфармацыі. Публіцыстыка заклікана ствараць грамадскую думку, фармаваць перакананні, агітаваць. Перакананне і ўздзеянне выступаюць тут як найважнейшая функцыя мовы, прычым уздзеянне мае канцэнтраваны, падкрэслена агітацыйны характар. Таму выкарыстанне моўных сродкаў у газеце вызначаецца ў значнай меры іх сацыяльна-ацэначнымі якасцямі і магчымасцямі з пункту гледжання эфектыўнага і мэтанакіраванага ўздзеяння на масавую аўдыторыю.
Адсюль можна зрабіць выснову пра тое, што сацыяльная ацэначнасць моўных сродкаў выступае адной з галоўных асаблівасцяў газетна-публіцыстычнага стылю. Яна праяўляецца на ўсіх узроўнях мовы, але найбольш адкрыта і выразна ў лексіцы.
Сутнасць ацэначнасці заключаецца ў выражэнні стаўлення да прадмета маўлення. Менавіта ў выражэнні стаўлення вытворцы выказвання да прадмета выказвання (апасродкавана – і да моўных знакаў, і да моўных знакаў, што абазначаюць гэты прадмет ці паняцце) выражаецца важная сацыяльна-прагматычная роля катэгорыі ацэначнасці. Выкарыстанне слоў (асабліва тых, якія звязаны з выражэннем ідэалагічных паняццяў) не можа не адчуваць на сабе ўплыз сацыяльных груп, класаў, якія ўкладаюць розныя ацэнкі, розны змест нярэдка ў адны і тыя ж словы. У выніку рэгулярнасці ўжывання ў падобных сітуацыях і кантэкстах за словам трывала замацоўваецца пэўная сацыяльная афарбоўка, пэўнае палітычнае адценне сэнсу.
Ацэначнасць з’яўляецца агульнамоўнай катэгорыяй і праяўляецца найбольш інтэнсіўна і ўсеабдымна. Гэта назіраецца не толькі ў палемічнай завостранасці публіцыстыкі да ўсяго рэакцыйнага. Не менш характэрна для публіцыстыкі актыўна-пазітыўнае стаўленне да прагрэсіўных з’яў. Рэзкае размежаванне станоўчага і адмоўнага, святла і ценю і адпаведны падзел моўных сродкаў на станоўча-ацэначныя і негатыўна-ацэначныя складаюць адметную рысу газетна-публіцыстычнага стылю.
Рэсурсы ацэначных сродкаў публіцыстыкі багатыя і разнастайныя. Акрамя ўласна ацэначнай лексікі і фразеалогіі ў функцыі ацэнкі выкарыстоўваюцца разнастайныя лексічныя разрады: гутарковая лексіка, кніжныя, высокія словы, архаізмы, спецыяльная лесіка ў пераносным значэнні і інш. Актыўна выкарыстоўваюцца ў газетна-публіцыстычным маўленні і разнастайныя словаўтваральныя і граматычныя сродкі з экспрэсіўна-ацэначнай афарбоўкай: (гутарковыя канструкцыі (далучальныя, сегментаваныя), розныя эмацыянальна-ацэначныя тыпы сказаў, шматлікія сродкі паэтычнага (рытарычнага) сінтаксісу і г. д.
Важна адзначыць, што прынцып сацыяльнай ацэначнасці моўных сродкаў мае не столькі індывідуальны, колькі падкрэслена сацыяльны характар. Гэтая падкрэслена сацыяльная функцыя газетнага слова вызначаецца і спецыфікай “адрасата маўлення” – звернутасцю газетнай мовы да неабмежаванай колькасна і разнастайнай якасна аўдыторыі. А гэта, у сваю чаргу, вызначае і такую важную асаблівасць газетнай мовы, як камунікатыўная агульназначнасць, агульнадаступнасць моўных адзінак.
Газету чытаюць людзі рознага культурна-адукацыйнага ўзроўню, розных узростаў і прафесій –“ад акадэміка да цесляра”. Таму мова газеты павінна быць якаснай і зразумелай кожнаму. У тэорыі сродкаў масавай камунікацыі вылучаюць прынцып публічнасці, сутнасць якога заключаецца ў тым, што змест, які перадаецца ў ходзе масавай камунікацыі, павінен быць даступным прадстаўнікам грамадства без якіх-небудзь абмежаванняў. Гэты прынцып у многім вызначае характар адбору моўных сродкаў. Галоўнае – пазбегнуць ужывання сродкаў, якія знаходзяцца на перыфірыі літаратурнай мовы. З лексічных сродкаў для мовы газеты не характэрны, хаця і магчымы, вузкаспецыяльныя словы і выразы, дыялектызмы, варварызмы, экатызмы, аргатызмы, індывідуальныя неалагізмы, запазычаныя словы рэдкага ўжывання і інш. Выключаюцца крайнасці – усё, што можа ўскладніць, абцяжарыць разуменне тэксту.
Сказанае не азначае, што газеце наогул не ўласціва ўжыванне вузкаспецыяльных і індывідуальных сродкаў маўлення. У мове газеты дзейнічае таксама тэндэнцыя, выкліканая да жыцця вострай патрэбай прэсы ў экспрэсіўных абазначэннях, што прыводзіць да з’яўлення сродкаў унікальнага, індывідуальнага словаўтварэння. Менавіта дадзеная якасць дазваляе гаварыць пры высокую пранікальнасць, “усяяднасць” газетнай мовы. Ва ўзаемадзеянні гэтых процілеглых тэндэнцый і адбываеццапрацэс развіцця газэтна-публіцыстычнага стылю.
У публіцыстычным стылі сталі шырока ўжывацца ў апошні час словы інтэрнацыянальнай палітычнай лексікі. Публіцыстычны стыль хутка засвоіў новыя словы і словазлучэнні, якія адлюстоўваюць сацыяльныя і палітычныя працэсы ў грамадстве.
Адной з характэрных асаблівасцей развіцця сучаснай літаратурнай мовы з’яўляецца актыўнае ўзаемадзеянне стыляў. Найбольш актыўна і рознабакова гэты працэс выяўляецца ў мове масавай камунікацыі – газет, радыё і тэлебачання. Спецыфічныя асаблівасці мовы газеты выклікаюць аб’яднанне розных лексічных сродкаў: эмацыйна-вобразнай і афіцыйна-справавой, размоўнай і кніжнай, высока-паэтычнай і зніжанай, грамадска-палітычнай, навукова-тэхнічнай лекіскі і г. д. Найбольш часта, амаль ва ўсіх газетных жанрах сустракаецца спалучэнне кніжных (у шырокім сэнсе) і размоўных слоў і выразаў.
Такім чынам, спалучэнне рознастылявых сродкаў мовы ў газеце павінна быць апраўдана жанрам і агульнай стылістычнай танальнасцю выступлення. “Падобна таму, як арганічнасць і аднароднасць усякай сумесі дасягаецца разумнымі прапорцыямі, -- слушна заўважае В. Р. Кастамараў, -- цэласнасць газетнай мовы патрабуе аптымальных суадносінаў экспрэсіі, якая атрымліваецца, у прыватнасці, і ад аб’яднання рознастылявых элементаў, і плыні стандартызаванай уласна інфармацыі. Па-за такімі суадносінамі стылістычныя змяшэнні ў газеце перастаюць быць рысай газетнай мовы і становяцца звычайнай стылістычнай памылкай”.
Увесь моўны лад публіцыстычнага тэксту падпарадкаваны іншай, чым у мастацкай літаратуры, задачы: пераканаць, даказаць, павесці за сабой. Такая галоўная “звышзадача” публіцыстыкі. Адсюль вынікае і спецыфіка выкарыстання вобразных сродкаў мовы. Прырода масавай камунікацыі абмяжоўвае выкарыстанне тропаў колькасна і якасна. Маўленне, перанасычанае тропамі, цяжка ўспрымаецца, бо парушаецца прынцып камунікатыўнай адназначнасці. Спецыфічны і сам характар тропаў у газеце, а таксама спосабы метафарызацыі.
У рамках кожнага стылю метафары трансфармуюцца, відазмяняюцца ў адпаведнасці з унутрыстывымі фактарамі і патрэбамі. Публіцыстычнай метафары характэрна ярка выражаная ацэначнасць, станоўчая або адмоўная. Матэрыялы для параўнанняў, метафар у газетнай публіцыстыцы бяруцца, як правіла, з галін, што карыстаюцца грамадскім аўтарытэтам, папулярнасцю, напрыклад актывізацыя ў 60-ыя гады метафар на касмічныя тэмы.
Тое, што многія газетныя метафары ўтвараюцца па ўстойлівых, “гатовых” семантыка-сінтакісчных мадэлях (стандартах, клішэ), выклікае незадаволенасць і нават рэзкую крытыку з боку некаторых літаратараў і даследчыкаў. Яны вінавацяць журналістаў у празмернай штучнай метафарызацыі.
На жаль, такія заўвагі робяцца звычайна без уліку спецыфікі газетнай мовы, кантэксту і жанру твора. Мова газеты характарызуецца супярэчлівым адінствам дзвюх процілеглых тэндэнцый: імкненнем да максімальнай стандартызацыі, з анаго боку, і імкненнем да максімальнай экспрэсіўнасці – з другога.
Безумоўна, газетная метафара не можа атаясамляцца з метафарай мастацкага кантэксту. Але лічыць яе ў газеце толькі фармальным сродкам падтрымання канфлікту “стандарт – экспрэсія”, адмаўляць ёй у змястоўнасці, як гэта робяць некаторыя даследчыкі газетнай мовы, будзе не зусім правільна. Аднабаковы погляд на функцыі газетнай метафары абвяргаецца штодзённай практыкай лепшых журналістаў-прафесіяналаў. Галоўная ўвага павінна быць скіравана на тое, каб высветліць, наклькі выкарыстанне газеты апраўдана зместам і жанрам твора, наколькі гэтыя сродкі арганічна ўпісваюцца ў моўную тканіну. Прынамсі, большасць недахопаў у выкарыстанні вобразных сродкаў у газеце – вынік штучнаг спалучэння лірыкі і публіцыстыкі.
Трэба адрозніваць маўленчыя стандарты ад маўленчых штампаў. Як вядома, развіццё мовы – працэс дыялектычны. Аднасасова са стварэннем і функцыянаваннем моўнага клішэ адбываецца працэс яго старэння. У выніку частага ўжывання многія клішэ губляюць намінатыўную дакладнасць, выразнасць, здольнасць уздзейнічаць на чытача і слухача. Такія клішэ ператвараюцца ў штампы. Штампы, зразумела, -- недарэчныя ў газетнай мове, у любым жанры. Штамп – гэта дыскрэдытаваны грамадскай думкай выраз з аслабленым лексічным значэннем або сцёртай экспрэсіяй. Часцей за ўсё штампам становіцца былы экспрэсіўны выраз або метафара, і не таму, што часта паўтараецца на старонках газеты, а таму, што ўжываецца неразборліва, механічна як на паточнай вытворчасці. У процівагу дакладна выбранаму слову, якое выразна абазначае сутнасць прадмета або з’явы, штамп па прычыне сцёртай семантыкі дазваляе аўтару толькі жангліраваць моўнымі формуламі, мыскіруючы адсутнасць жывога мыслення.
Газетнаму матэрыялу, публіцыстыцы наогул уласціва такая адметная рыса, як “адкрытасць”, прамая аўтарская ацэначнасць і спецыфічны характар вобразнасці. У гэтым прынцыповае адрозненне публіцыстычнага стылю ад мастацкага. Публіцыстычнае маўленне суб’ектыўнае, ацэначнае; мастацкае маўленне аб’ектываванае, двухпланавае. Адсюль вынікае розная спецыфіка, розная роля вобразнага слова ў мастацкай літаратуры і ў публіцыстыцы.
ІІ. СТЫЛІСТЫЧНЫ АНАЛІЗ ПУБЛІЦЫСТЫКІ НА СТАРОНКАХ ГАЗЕТЫ “НАРОДНАЯ ТРЫБУНА
1. ВЫКАРЫСТАННЕ СТЫЛІСТЫЧНЫХ РЭСУРСАЎ ЛЕКСІКІ Ў ШТОТЫДНЁВІКУ “НАРОДНАЯ ТРЫБУНА”
Газетна-публіцыстычны стыль выконвае функцыі ўздзеяння і паведамлення (інфармавання). Узаемадзеянне гэтых дзвюх функцый і вызначае ўжыванне слова ў “Народнай трыбуне”. Задача тэкстаў – перадаць максімум інфармацыі. Выклад матэрыялу лагічны, паслядоўны, доказны. Прыводзяцца дакладныя лічбы (Звяно Надзеі Жук абслугоўвае на цэнтральнай ферме 110 кароў. Летась ад кожнай з іх было атрымана ў сярэднім па 6350 кілаграмаў малака – амаль на 100 кілаграмаў больш, чым у папярэднім годзе.), канкрэтныя назвы (У вёсцы Грынявічы, што ў Пружанскім раёне, да гэтага чалавека асаблівая павага, бо Фёдар Панамарэнка – з залатымі рукамі! Закуп малака ад насельніцтва распачаў Хараўскі сельскі савет Пружанскага раёну, дзе старшынёй Таццяна Ільяшэвіч).
Мова публіцыстычных твораў, на старонках якіх знаходзіць адлюстраванне жыццё грамадства ва ўсіх яго праявах, характарызуецца тым, што любая лексічная адзінка, ў прынцыпе, можа быць выкарыстана ў творы, калі гэтага вымагае яго тэматыка. Таму надзвычай складана вызначыць тыя словы, якія ўжываюцца пераважна ў публіцыстыцы. Тым не менш мы з упэўненасцю можам вылучыць тры групы слоў, якія рэгулярна сустракаюцца на старонках “Народнай трыбуны”:
1) так званыя газетызмы – словы і спалучэнні слоў, што характарызуюцца высокай частотнацю выкарыстання на старонках газет і часопісаў і ўспрымаюцца носьбітамі мовы як спецыфічныя для газетнай мовы, напрыклад: перадавікі вытворчасці, мірнае неба, аглядальнік, допіс, інтэрв’ю, каментарый, пульс дня, блакітнае паліва, і інш.
2) словы і словазлучэнні, якія ўжываюцца не ў прамым, а ў пераносным значэнні і ў выніку частага выкарыстання на старонках газет і часопісаў набываюць функцыянальна-стылістычную афарбоўку, характэрную для публіцыстычнага стылю, напрыклад: гарачыя кропкі, вахта ураджаю, гуманітарная дапамога, мікраклімат калектыву, падрыхтоўка кадраў, гарачая лінія і інш.
3) асобныя словы грамадска-палітычнага зместу, якія вельмі часта выкарыстоўваюцца ў розных жанрах публіцыстычнай літаратуры і набываюць своеасаблівую афарбоўку публіцыстычнасці, напрыклад: пасяджэнне, айчына, тэрарызм, роўнасць, дэмакратыя, самакрытыка, ажыццявіць, ініцыятыва і інш. Шырока ўжывацца на старонках газеты такія словы інтэрнацыянальнай грамадска-палітычнай лексікі, як парламент, электарат, мэр, лігітымны, рэйтынг, эксклюзіўны, кансенсус, карупцыя, прэзентацыя, аўкцыён, прэс-канферэнцыя і інш., словы і словазлучэнні, якія адлюстоўваюць сацыяльныя і палітычныя працэсы ў грамадстве (паўторнае волевыяўленне, баланс інтарэсаў, фінансавае аздараўленне, прагнозныя паказчыкі, палітыка дыялогу і інш.).
Прыведзеныя вышэй словы характарызуюцца высокай частотнасцю іх ужывання на старонках газеты.
Сярод ацэначных лексіка-фразеалагічных сродкаў можна сустрэць гутаркова-простамоўныя словы і выразы (свяціць, мачыць, прыхватызацыя, тусоўка, круты) і кніжныя (агонія, шокавая тэрапія, саламонава рашэнне, сардэчны прыём).
Вобразнасць, экспрэсіўнасць, эмацыянальнасць, эстэтызм мовы газеты дасягаецца шляхам шырокага і ўсебаковага выкарыстання ў ёй разнастайных тропаў.
Напрыклад, даволі шырока сустракаюцца эпітэты (Чорныя дні вайны вяскоўцы перажылі разам, дзякуючы ўзаемадапамозе і падтрымцы.) Ужываюцца параўнанні (Новы кіраўнік гаспадаркі так лёгка не здаецца, мае характар цвёрды, як крэмень. Не прайшло і паўгады, а маладога фермера абадралі падаткамі, як ліпку.) Таксама сустракаецца і метанімія (На прафсаюзны сход сабраўся уаесь завод.), сінекдаха (Кіраўнік ветэранскай арганізацыі зусім не выпадкова карыстаецца аўтарытэтам, ён добра валодае словам і мае вялікі вопыт працы з людзьмі.). перыфраза вобразна апісвае звышслоўнымі адзнкамі тое, што звычайна абазначаецца адным словам (На сустрэчу да сыноў Эскулапа бацькі ішлі з надзеяй і чаканнем дапамогі.) Антытэза ў матэрыялах “Народнай трыбуны” ссустракаецца даволі рэдка (Сваёй задачай прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый лічаць неабходнасць растлумачыць падрастаючаму пакаленню, што такое чорнае і белае, дабро і зло.)
Актыўна выкарыстоўваюцца метафары (За грэбнем лесу пачынаецца калгаснае поле. Стаіць гул матораў, кіпіць праца на саўгасных палетках. Аўтар піша пра рэаліі нашага няпростага хуткаплыннага жыцця). У газеце шырока метафарызуюцца, як правіла, паняцці, важныя ў ідэалагічных, эканамічных і іншых адносінах, напрыклад: белае золата, блакітны экран, хлеб прамысловасці, блакітныя артэрыі, элетрычныя рэкі. Ва ўсіх гэтых і аналагічных выпадках замена прамых найменняў экспрэсіўнымі мае мае пазітыўна-ацэначны характар, падкрэслівае важнасць метафарызуемых паняццяў. Прадуктыўна ў газеце метафарызацыя спартовых, вайсковых тэрмінаў; метафарызуюцца навукова-тэхнічныя тэрміны (патэнцыял, інтэграл, дыяпазон і інш.). Напрыклад, часта ўжываюцца ў газеце такія метафарычна-вобразныя спалучэнні, як фінішная прамая, эпідэмія балбатні, палітычны фарс, раунд перамоваў, храмасомы бюракратызму.
Найважнейшая крыніца стылістычных лексічных сродкаў – сінанімія (І расла, і шырылася вёсачка. Злодзеі вярталі пацярпелым скрадзенае нехаця і незадаволена. Падробныя 5-тысячныя купюры наваднілі Пінск з лёгкай рукі дзесяцікласніка. Першай фальшыўку выявіла бабуля-гандлярка цыгарэтамі. Потым у міліцыю звярнуўся вадзіцель аўтапарка: купюрай заплацілі за праезд. Яшчэ адна такая ж падробка знойдзена ў касе прыёму грошай Нацбанка. Супрацоўнікі міліцыі раяць пільна адносіцца да грашовых знакаў).
Асаблівай увагі заслугоўвае выкарыстанне ў газеце так званых маўленчых стандартаў і клішэ (тавары першай неабходнасці, каштоўны падарунак, працаўнікі бюджэтнай сферы, служба занятасці, міжнародная гуманітарная дапамога, камерцыйныя структуры, сілавыя ведамствы, служба быта і г. д.
Ад маўленчых стандартаў, якія замацаваліся ў публіцыстычным стылі, трэба адрозніваць публіцыстычныя штампы – шаблонныя моўныя звароты, якія надаюць маўленню канцылярскую афарбоўку (чорнае золата, даць зялёную вуліцу, атрымаць прапіску, даць пуцёўку ў жыццё, паставіць на лінейку гатоўнасці, было заслухана паведамленне, на дадзеным этапе, на сённяшні дзень, падкрэсліў з усёй вастрынёй, у ранейзгаданыя тэрміны, унесці на разгляд, вялася размова, сустрэча праходзіла ў цёплай сяброўскай атмасферы і г. д.). Адной з крыніц засмечвання мовы газеты з’яўляецца “канцылярыт” з дамескам “прыгожых клішэ” і іншых моўных запазычанняў. Сярод іх штампы або канцылярызмы праводзіць уборку замест убіраць (У гэты час і праводзяць уборку бульбы); выконваць засолку замест засольваць (Перш чым выконваць засолку грузды неабходна добра памыць і вымачыць) ажыццявіць газіфікацыю замест газіфікаваць (У наступным годзе неабходна ажыццявіць газіфікацыю Давыд-Гарадка і пасёлка газаздабытчыкаў Мікашэвічы).
У межах публіцыстычных тэкстаў “Народнай трыбуны” шырока выкарыстоўваюцца грамадска-публіцыстычная лексіка і фразеалогія, рознага роду крылатыя выслоўі, прыказкі і прымаўкі, сінтаксічныя канструкцыі з ярка выражанай экспрэсіяй – рытарычныя пытанні, сказы-заклікі, звароты, словы са зніжанай стылістычнай афарбоўкай, жарганізмы, дыялектызмы.
Так, асобую прывабнасць, пэўны эстэтызм, некаторую мудрасць надаюць артыкулам фразеалагізмы (Яны не разважалі доўга, а ўзялі быка за рогі, бо толькі так і можна было ўратаваць гаспадарку, спраўдзіць чаканні людзей. Біць лынды жывучы ў вёсцы – вялікая і і недаступная раскоша.)
Такім чынам, выкарыстанне стылістычных рэсурсаў лексікі дапамагае ў дасягненні асноўных задач публіцыстыкі, робіць тэкст выразным, экспрэсіўным, пераканаўчым, дапамагае перадаць у сціслай форме разнастайную дакладную інфармацыю і выразіць стаўленне аўтара да прадмета гаворкі.
2. КУЛЬТУРА МОВЫ НА СТАРОНКАХ “НАРОДНАЙ ТРЫБУНЫ”
Нагледзячы на даволі высокі ўзровень моўнай культуры артыкулаў “Народнай трыбуны” звяртаюць на сябе ўвагу нярэдкія парушэнні літаратурных норм, ужыванне беспадстаўных пазычанняў і калькаванняў, штучных структур, неўласцівых беларускай мове, моўных штампаў і канцылярызмаў і інш.
Дапускаецца парушэнне словаўтваральных норм: ужываецца дзеяслоў леніцца замест ленавацца (Трымаюць вялікую гаспадарку, дзе працы хапае ўсім, няма калі ляніцца). Акрамя таго парушаюцца сінтаксічныя нормы: больш трыццаці гадоў замест больш за трыццаць гадоў (На бібліятэчнай ніве Ала Сяргееўна шчыруе ўжо больш трыццаці гадоў.) даглядае за кветкамі замест даглядае кветкі (Гаспадыня з любоўю даглядае за кветкамі, папаўняе сваю калекцыю.) страціць веру ў поспех замест зняверыцца ў поспеху (І яна канчаткова страціла веру ў поспех.)
Сустракаюцца парушэнні прынцыпу лагічнасці маўлення. Так у артыкуле “Паслядоўнікі Гіпакрата” (№4, с. 2) бачым сказ Падставы маем для рэальнага аптымізму, а што такое нерэальны аптымізм?; у ртыкуле “У гарвыканкаме” (№5, с. 1): Важную значнасць набыло абмеркаванне вынікаў дзейнасці народнагаспадарчага комплексу за 2002 год, а ці бывае няважная значнасць?; “У Намакраве” (№5, с.4): Асабліва ажылі гэтыя мясціны ў дваццатых гадах мінулага стагоддзя, як можна неасабліва ажыць?; “Канструктыўны дыялог з уладай” (№9, с.1) Васіль Далгалёў выказаў удзячнасць ветэранам за добрую работу з моладдзю па выхаванні ваенна-патрятычнага пачуцця ў падрастаючага пакалення, мабыць мелася на ўвазе ўдзячнасць за ваенна-патрыятычнае выхаванне, бо дапусціць станоўчы вынік ад выхавання ваеннага пачуцця складана.
Такія памылкі замінаюць успрымаць тэкст і выклікаюць недавер не толькі да аўтара паведамлення, але і да самой інфармацыі.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
У выніку праведзенага аналізу публіцыстычных тэкстаў на старонках газеты “Народная трыбуна” можна зрабіць выснву пра дастаткова высокі ўзровень моўнай культуры дадзенага сродку масавай інфармацыі. Разам з тым звяртаюць на сябе ўвагу нярэдкія парушэнні нормы, ужыванне беспадстаўных пазычанняў і калькаванняў, штучных структур, неўласцівых беларускай мове, моўных штампаў і канцылярызмаў, таўталогія.
Матэрыялам “Народнай трыбуны” уласцівы ўсе асноўныя асаблівасці публіцыстычнага стылю: дакументалізм, факталагічная дакладнасць, даступнасць, афіцыйнасць, адкрытасць аўтарскай пазіцыі, выкарыстанне агітацыйна- прапагандысцкіх сродкаў, уласна-ацэначнай лексікі і фразеалогіі, эпітэтаў, метафар, паўтораў, рытарычных зваротаў.
Мова сучаснай газеты павінна быць найперш правільнай і разнастайнай, увогуле адпавядаць патрабаванням не толькі ўсіх камунікатыўных якасцей, але і моўнага майстэрства. Літаратурна-публіцыстычная дзейнасць патрабуе дасканалага валодання публіцыстычным стылем, яго падстылямі і жанрамі. Кожны журналіст павінен адчуваць і адрозніваць функцыянальна-экспрэсіўную афарбоўку моўных сродкаў, камунікаыўную і эстэтычную, а таксама інфармацыйную і валюнтатыўную функцыі сучаснай беларускай мовы. Усе літаратурна-публіцыстычныя творы павінны не толькі амаль фатаграфічна перадаваць факты рэчаіснасці, гэта значыць інфармаваць чытача ці слухача пра штосьці або кагосьці, але і выражаць патрэбную думку пра гэтыя факты, гэта значыць аказваць уздзеянне на свядомасць чытача, слухача, гледача, як аб’ектыўна так і суб’ектыўна. Пазіцыя аўтара і так званае аўтарскае “я” не павінны стылізавацца пад штосьці ці кагосьці, а выражацца проста і адкрыта даступнымі і зразумелымі і адрасату і адрасанту сродкамі ўздзеяння, якіх дастаткова мае ў сваім арсенале наша публіцыстыка.
Вельмі важна каб кожны публіцыст валодаў жанравай стратыфікацыяй сучаснай публіцыстыкі, мог разнастайваць моўнымі і пазамоўнымі сродкамі свае рэпартажы і інтэрв’ю, карэспандэнцыі і агляды, артыкулы і нарысы, фельетоны і памфлеты. Мова сучасных газеті часопісаў патрабуе ад журналіста добрага, нават выдатнага, ведання ўсіх стыляў беларускай літаратурнай мовы.
Пры стварэнні публіцыстычных тэкстаў варта трымацца наступных правілаў :
1. вартасць і каштоўнасць інфармацыі, афармленне яе паводле ўсіх законаў сучаснага беларускага мыслення і маўлення;
2. адпаведнасць зместу маўлення рэчаіснасці, дакументалізм яго;
3. аптымальнасць змястоўнай паўнаты і лаканічнасць у адпаведнасці з умовамі камунікацыі;
4. аб’ектыўная абумоўленасць сэнсавых і эмацыянальных сродкаў;
5. кампазіцыя ў адпаведнасці з жанрам, асаблівасцямі камунікацыі;
6. стылістычна-моўная вытрыманасць.
СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ
1. Абабурка М. В. Культура беларускай мовы. Мн., 1994.
2. Асновы журналістыкі: Амерыканскі досвед / Пер. з англ. – Мн.: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр, 1998.
3. Брэтон Ф., Пру С. Выбух камунікацыі: Нараджэнне новай ідэалогіі. – Мн, 1995.
4. Вопросы стилистики (сборник статей). – Саратов, 1977.
5. Камароўскі Я. М., Мяцельская Е. С. Беларуская мова: Дапаможнік для абітурыентаў. – Мн.: Універсітэцкае, 1993.
6. Красней В. П., Лазоўскі У. М., Шчарбакова І. М. Сучасная беларуская мова: Лексікалогія. Фразеалогія. – Мн.: Універсітэцкае, 1984.
7. Купава М. Мастак і мова // Роднае слова. – 1996. -- № 1. – С. 115-121.
8. Плотнікаў Б. А. Кіраўніку аб мове. – Мн., 2001.
9. Розенталь Д. Э. Голуб И. Б. Секреты стилистики: Правила хорошей речи. – М.: Айрис, 1996.
10. Словарь литературоведческих терминов. Ред.-сост.: Л. И. Тимофеев и С. В. Тураев. – М.: Просвещение, 1974.
11. Старычонак В. Д. Беларуская мова: Узоры моўнага аналізу. Трэніровачныя заданні. Тэсты. -- Мн.: Вышэйшая школа, 2002.
12. Сцяцко П. У., Гуліцкі М. Ф., Антанюк Л. А. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў. – Мн.: Вышэйшая школа, 1990.
13. Сцяцко П. У. Культура мовы. – Мн.: Тэхналогія, 2002.
14. Сцяцко П. У. Уводзіны ў мовазнаўства: Дапаможнік. – Гродна: ГрДУ, 2001.
15. Хорольский В. Публицистика и литература в эпоху постмодерна: сотрудничество и конкуренция // Акценты. — Воронеж, 1997. -- Вып. 2.
16. Хорольский Виктор. Культурологический метод изучения публицистического дискурса // Акценты. – Воронеж, 2002. – Вып. 7.
17. Цікоцкі М. Я. Стылістыка тэксту: Вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў філалагічнага профілю. – Мн.: Беларуская навука, 2002.
18. Чернышова Т. В. Юрислингвистическая экспертиза газетно-публицистических текстов с неявной коммуникативной функцией высказывания // Юрислингвистика. – Барнаул, 2002.№ 3.
19. Юрэвіч А. К. Стылістыка беларускай мовы: вучэбны дапаможнік. – Мн.: Вышэйшая школа, 1992.
20. Янкоўскі Ф. М. Роднае слова. Выд. 2-е, дапоўненае. -- Мн., 1972